УНІВЕРСА́ЛЬНАЯ ІЛЮСТРАВА́НАЯ ЕЎРАПЕ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ,
«Эспаса» (Enciclopedia Universal llustrada Europeo-Americana), адна з самых вялікіх універсальных энцыклапедый свету, якая сваім зместам і мовай арыентавана перш за ўсё на іспанамоўныя краіны. 1-е выд. (т. 1—70, 1908—30) выпускалася выд-вам «Эспаса-Калпе» ў розных гарадах Іспаніі (Більбао, Мадрыд, Барселона). У 1930—33 выйшаў 10-томны Дадатак, з 1934 выдаюцца таксама Штогадовыя дадаткі. З 1970-х г. друкуецца без змен 2-е выд. «Эспасы». Цалкам перапрацоўваецца і кожнае 10-годдзе перавыдаецца толькі 21-ы том, прысвечаны Іспаніі. Адрозніваецца ад інш. выданняў выключна багатым рэестрам, тэматычным ухілам у сацыягуманіт. веды па гісторыі, л-ры, мастацтве Іспаніі і іспанамоўных краін, вял. колькасцю біягр. артыкулаў, багаццем бібліягр. звестак, сумяшчэннем у артыкулах энцыклапедычных і моўных ведаў (кожны артыкул змяшчае этымалогію слова, эквіваленты да яго на франц., англ., ням., італьян., партуг., каталонскай мовах і эсперанта). Колькасць кароткіх артыкулаў-даведак нязначная, большасць з іх мае аглядны характар. Энцыклапедыя добра ілюстравана.
В.К.Шчэрбін.
т. 16, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)